БЕЛАРУ́СКАЕ ГІСТАРЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (Białoruskie Towarzystwo Historyczne),
навуковая арг-цыя бел. гісторыкаў у Польшчы. Створана ў 1993. З 1993 старшыня А.Мірановіч, з 1996 — А.Латышонак. Друкаваны орган — час. «Бялоруске зэшыты гісторычнэ» (гл. Дадатак). Аб’ядноўвае каля 20 членаў (Я.Вапа, К.Гамулка, А.Глагоўская, С.Іванюк, Ю.Каліна, Латышонак, А. і Я.Мірановічы, Р.Сасна, Д.Фёнік, В.Харужы і інш.). У сваёй дзейнасці кіруецца статутам. Ставіць за мэту развіццё навук. і культ.-асв. дзейнасці бел. грамадства ў Польшчы, вывучэнне і распаўсюджванне гіст. ведаў пра Беларусь і беларусаў у Польшчы, спрыяе захоўванню бел. нар. традыцый; прапагандуе міжнац. і рэліг. талерантнасць, узмацненне добрых узаемаадносін паміж беларусамі і палякамі. Арганізоўвае і праводзіць канферэнцыі, сімпозіумы, семінары па праблемах беларусазнаўства, гісторыі Беларусі і гісторыі беларусаў у Польшчы. Выдала шэраг навук. манаграфій, у т. л.: працы Сасны і Фёніка «Гісторыя царквы ў Бельску Падляскім» (1995), «Орля на Падляшшы: Гісторыя царквы, горада і ваколіц» (1997), «Прыход Рыбалы» (1999); В.Харужага «Беларускі незалежны выдавецкі рух у Польшчы, 1981—1990» (1994); Латышонка «Беларускія вайсковыя фарміраванні, 1917—1923» (1995); Глагоўскай «Беларусь 1914—1929: Культура пад прэсам палітыкі» (1996); А.Мірановіча «Тэадозій Васілевіч. Архімандрыт слуцкі, епіскап беларускі» (1997), «Манастырскае жыццё на Падляшшы» і «Мітрапаліт Юзаф Нелюбовіч-Тукальскі» (1998); зб-кі «Беларускі студэнцкі рух у Польшчы 1981—1992. Выбраныя дакументы», «Беларусы і польска-беларускія адносіны на Беласточчыне, 1944—1956» (т. 1, ч. 1; абедзве 1996), А.Катковіч, В.Катковіч-Клентак «Успаміны» (1999) і інш.
Л.У.Языковіч.
т. 18, кн. 1, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)